Паспрабаваць памяняць пашпарт можна ў Швейцарыі

Асацыяцыя RAZAM.CH хоча папярэдзіць аб магчымай небяспецы вандровак у Беларусь, звязанай з затрыманнямі за падпіску і каментаванне так званых “экстрэмісцкіх” рэсурсаў, удзел у мірных акцых пратэсту 2020 г., фінансавую дапамогу пацярпеўшым ад рэпрэсій у Беларусі і ваярам на баку Ўкраіны і інш.

Нагадваем, што паспрабаваць памяняць пашпарт можна ў Швейцарыі.

Razam.ch напісала ў Дзяржаўны сакратарыят па міграцыі SEM зварот па сітуацыі з беларускімі пашпартамі, якія ад верасня 2023 г. больш немагчыма атрымоўваць ці аднаўляць у консульскіх установах Рэспублікі Беларусь за мяжой. Мы атрымалі афіцыйны сумесны адказ ад SEM і Федэральнага дэпартамента замежных справаў EDA, які ўтрымлівае алгарытм дзеянняў для тых беларусаў і беларусак, якія ня маюць магчымасці замяніць пратэрмінаваны беларускі пашпарт праз небяспеку пераследу з боку беларускіх уладаў падчас часовага вяртання ў Беларусь. 

У такіх выпадках трэба звяртацца ў кантанальныя міграцыйныя органы з хадайніцтвам на атрыманне швейцарскага пашпарта іншаземцаў. Для паспяховай падачы хадатайніцтва трэба мець:

  1. Пратэрмінаваны пашпарт.
  2. Доказы, якія пацвярджаюць, што ад зацікаўленай асобы нельга патрабаваць паездкі ў Беларусь для замены пашпарта. Доказы, па магчымасці, павінны быць прадстаўленыя ў арыгінале і на адной з дзяржаўных моваў Швейцарыі.

Рашэнні прымаюцца ў кожным канкрэтным выпадку на падставе індывідуальных акалічнасцяў беларуса ці беларускі.

Апісаны механізм не з’яўляецца унікальным для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь – ён прапісаны ў швейцарскім заканадаўстве па статусе замежных асоб:

  1. Для рэгістрацыі і знаходжання ў Швейцарыі іншаземцы павінны мець сапраўдны дакумент, які сведчыць асобу (гл. арт. 13 і 89 Закона аб замежніках і інтэграцыі).
  2. Выключэннем з’яўляюцца бежанцы і асобы без дакументаў (гл. арт. 8, п. 2 Пастановы аб рэгістрацыі, пражыванні і працаўладкаванні).
  3. Замежная асоба лічыцца без дакументаў, калі ў яе няма сапраўдных праязных дакументаў з іх роднай краіны, і ад іх нельга патрабаваць прыкласці намаганні для выдачы дакументаў іх уладамі (гл. арт. 10 п. 1 (a) Палажэння аб праязных дакументах для замежных асобаў).

З усімі пытаннямі і запытамі вы можаце звяртацца на info@razam.ch.

Прапануем вам шаблон хадайніцтва аб выдачы пашпарта іншаземца.

Беражыце сябе!