Акцыя салідарнасці 12 сакавіка 2022 года, Жэнева

12 сакавіка 2022 года, RAZAM.CH арганізаваў акцыю салідарнасці перад будынкам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе на плошчы Нацый. Мэтай акцыі было прыцягнуць увагу грамадскасці да сумных вынікаў зацягвання палітычных рашэнняў, нерашучасці і бюракратыі з боку сусветнай супольнасці, якія прывялі не толькі да значнага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека і павелічэння колькасці палітычных зняволеных у Беларусі, але і да вайсковага нападу рэжыму Пуціна ва Украіну.

За апошні год колькасць палітычных зняволеных у Беларусі павялічылася з 263 да больш як 1080 чалавек. Лідэр праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, які выступаў у сакавіку 2021 года ў ААН і на акцыі на плошчы Нацый у Жэневе, разам са сваімі калегамі ўжо 8 месяцаў знаходзіцца ў беларускай турме (больш падрабязную інфармацыю можна знайсці тут: https://spring96.org/en/news/107077 и https://spring96.org/en/news/107029).

Выступоўцы на акцыі яшчэ раз падкрэслілі, што масавыя і беспакараныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі прывялі да тако што:

  • Мадэль беспакаранасці рэжыму Лукашэнкі была выкарыстаная Пуціным у неймаверных маштабах – насмешка над міжнародным правам у выглядзе вайсковага нападу на Украіну;
  • Беларусь была ўцягнутая ў гэтую вайну на баку агрэсара супраць волі беларускага народа;
  • была створана ядзерная пагроза для Еўропы і ўсяго свету

Былая палітвязня Наталля Гершэ сваім выступам падтрымала акцыю ў Жэневе.

Удзельнікі выказалі сваю салідарнасць з Украінай, а таксама з палітвязнямі, праваабаронцамі і актывістамі Беларусі і Расіі, якія змагаюцца супраць дыктатарскіх рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Яны таксама заклікалі ўсіх быць голасам праўды, асвятляючы масавыя парушэнні правоў чалавека, тым самым аказваючы інфармацыйны ціск на мясцовым і міжнародным узроўні.

Толькі дэмакратыя, вяршэнства закону і павага правоў чалавека ў кожнай краіне могуць гарантаваць бяспеку Еўропы і ўсяго свету.