Наталля Хершэ на волі

Асацыяцыя RAZAM.CH вітае вызваленне спадарыні Наталлі Хершэ. Мы радыя яе вяртанню дадому і спадзяемся на найхутчэйшае аднаўленне пасля доўгіх і цяжкіх месяцаў за кратамі. Салідарнасць і нашыя цёплыя словы прабіваліся скрозь муры вязніцы – Наталля і надалей можа разлічваць на падтрымку з нашага боку.

Мы ўдзячныя Міністэрству замежных справаў і супрацоўнікам Амбасады Швейцарыі ў Менску за настойлівыя высілкі, якія ўрэшце аказаліся выніковымі. Мы заклікаем ўлады Швейцарыі і надалей выкарыстоўваць ўсе дыпламатычныя магчымасці і традыцыйны статус нейтральнай дзяржавы для надання гуманітарнай падтрымкі ўсім палітвязням і рабіць далейшыя крокі па іх вызваленні. Акрамя таго, мы будзем вітаць высілкі швейцарскага ўраду па падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Мы спадзяемся, што вызваленне Наталлі будзе прэцэдэнтам для палягчэння ўмоваў і вызвалення ўсіх палітвязняў Беларусі.

Фота ўзятае са старонкі Facebook Амбасады Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь https://m.facebook.com/SwissEmbassyMinsk