Аб накіраванні ў Беларусь новага пасла Швейцарыі і намеры ўручыць даверчыя граматы Лукашэнку





Навіна аб тым, што Швейцарыя накіруе ў Рэспубліку Беларусь амбасадарку для ўручэння даверчых грамат Лукашэнку, выклікала дыскусіі сярод беларусаў усяго свету, у тым ліку і ў асяроддзі беларускай дыяспары ў Швейцарыі. Зразумела, уручэнне даверчых грамат швейцарскім бокам будзе мець істотны прапагандысцкі эфект у самой Беларусі і, напэўна, будзе прадстаўлена рэжымам Лукашэнкі як доказ прызнання ягонае легітымнасці. Між тым, варта працытаваць бягучага Прэзідэнта Швейцарыі Ін’яцыя Касіса, які да нядаўняга часу ўзначальваў Федэральны дэпартамент па замежных справах Швейцарыі і які неаднаразова падкрэсліваў: “у адрозненне ад іншых эўрапейскіх краін, Швейцарыя прызнае толькі дзяржавы, а не ўрады”. Такім чынам, пытанне аб легітымнасці або нелегітымнасці рэжыму Лукашэнкі Швейцарыяй наўпрост не ўзнімаецца. Такі падыход знешняй палітыкі Швейцарыі трэба ўспрымаць як дадзенасць, пры ўмове што ейны ўрад паслядоўна захоўвае вернасць сваім дыпламатычным традыцыям.

Існуе меркаванне аб эканамічнай падаплёцы ўручэння грамат амбасадаркай Швейцарыі і лобі швейцарскага бізнесу. Мы схільныя думаць, што гэта не так – нягледзячы на ​​пэўныя эканамічныя сувязі паміж нашымі краінамі, гэты аб’ём наўрад ці здольны вызначаць або істотна ўплываць на палітыку Швейцарскай Канфедэрацыі ў дачыненні да Беларусі.

З іншага боку, прысутнасць швейцарскай амбасадаркі ў Беларусі мае істотныя перавагі ў бягучай сітуацыі. Па-першае, гэта забяспечыць далейшы ўдзел у справе Наталлі Хершэ і магчымасць абараняць інтарэсы іншых грамадзянаў Швейцарыі на тэрыторыі Беларусі, як гэта было, напрыклад, у выпадку арышту швейцарскай журналісткі спадарыні Луцыі Чыркі, якая асвятляла сітуацыю ў Беларусі, у студзені 2021 года. Па-другое, наўпроставыя дыпламатычныя зносіны паміж Швейцарскай Канфедэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, якія былі ўсталяваныя толькі некалькі гадоў таму, трэба захаваць для магчымага ўплыву на вырашэнне існуючага ў Беларусі крызісу, а пасля ягонага пераадолення – для больш хуткага вяртання Беларусі ў сям’ю цывілізаваных еўрапейскіх краін. Па-трэцяе, ва ўмовах больш жорсткіх рэпрэсій супраць беларускіх грамадзян, праца амбасадараў заходніх краін па дакументаванні сітуацыі ў Беларусі і перадачы гэтай інфармацыі ў еўрапейскія сталіцы вельмі важная.

Вядома, з’яўляецца паказальным прыклад французскага амбасадара Нікаля дэ Лакоста, які цягам доўгага часу ўхіляўся ад уручэння даверчай граматы асабіста Лукашэнку, але ў выніку быў вымушаны пакінуць Беларусь. Мы мяркуем, што гэткая тактыка дапамагае адтэрмінаваць праблему, але не вырашае яе, і прапануем глядзець на гэтую складаную юрыдычную і маральную дылему па-іншаму. Калі былая канцлерка Германіі Ангела Меркель двойчы тэлефанавала Лукашэнку, каб вырашыць міграцыйны крызіс, гэтыя тэлефанаты ніколькі не ўмацавалі легітымнасць Лукашэнкі: нават з тэрарыстамі, якія захапілі заложнікаў, трэба дамаўляцца, каб выратаваць жыцці. Ня толькі спадарыня Наталля Хершэ, але й усё насельніцтва Беларусі апынулася ў закладніках у бягучага палітычнага рэжыму. З гэтага пункту гледжання, дапамога людзям унутры краіны павінна стаць важным напрамкам дадатковых дыпламатычных намаганняў, а звужэнне дыпламатычнай прысутнасці адсякае такія магчымасці.

Асацыяцыя RAZAM.CH не выказваецца ад імя ўсіх беларусаў і беларусак, якія жывуць у Швейцарыі. Агучаная пазіцыя Асацыяцыі можа не супадаць з меркаваннем асобных яе чальцоў.