Гісторыя чэмпіянату, што не адбыўся

12 лістапада 2020 года па беларускіх інфармацыйных рэсурсах і тэлеграм-каналах распаўсюдзілася навіна: збіты і выкрадзены напярэдадні ў адным з мінскіх двароў малады хлопец, Раман Бандарэнка, адшукаўся ў шпіталі ў вельмі цяжкім стане. Пасля шматгадзіннай аперацыі ён так і не прыйшоў у прытомнасць і памёр увечары таго ж дня. Яму быў 31 год.

За тры месяцы, што мінулі ад жнівеньскіх прэзідэнцкіх “выбараў”, збіццё і арышты ў мінскіх дварах сталі даволі звычайнай з’явай. Мноства падобных выпадкаў было заснята на камеры мабільных тэлефонаў, гэтыя кадры шырока распаўсюджваліся ў сетцы. Знайшліся такія запісы і ў выпадку Рамана Бандарэнкі. Калі стаў вядомы трагічны фінал гэтай гісторыі, мноства людзей уважліва ўзіраліся ў гэтыя запісы, спрабуючы пазнаць кагосьці з удзельнікаў выкрадання Бандарэнкі.

Іх намаганні прывялі да нечаканага выніку: у кампаніі людзей, якія напалі на Бандарэнку, быў заўважаны чалавек, вельмі падобны на Дзмітрыя Баскава, старшыню хакейнай федэрацыі Беларусі, галоўнага трэнера хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі. Неўзабаве ўсплылі і іншыя доказы ягонага ўдзелу: запісы тэлефонных размоваў, дадзеныя геялакацыі мабільных тэлефонаў. Ужо 16 лістапада Латвія забараніла Дзмітрыю Баскаву ўезд на сваю тэрыторыю.

Гэтае здарэнне стварыла непрыемны кантэкст для вялікай спартыўнай падзеі, запланаванай на 2021 год: Беларусь і Латвія павінны былі разам прымаць чэмпіянат свету па хакеі, важнасць якога ўзрастала таму, што чэмпіянат 2020 года быў скасаваны праз пандэмію каронавіруса. Але ці можна праводзіць турнір у краіне, у якой тысячы людзей былі кінутыя ў турмы за спробу выказаць свой мірны пратэст, сотні прайшлі праз катаванні, а галоўны хакейны функцыянер аказаўся датычны да палітычнага забойства? Як выявілася, Рэнэ Фазель, кіраўнік Міжнароднай хакейнай федэрацыі, меў на гэтае пытанне станоўчы адказ.

16 лістапада адбыўся першы пікет перад будынкам Міжнароднай хакейнай федэрацыі, арганізаваны Асацыяцыяй RAZAM.CH. Дзеючыя кавідныя абмежаванні не дазволілі сабраць вялікую колькасць удзельнікаў акцыі, але прысутныя данеслі сваю пазіцыю да кіраўніцтва Міжнароднай Федэрацыі і перадалі Рэнэ Фазелю адкрыты ліст ад імя Асацыяцыі. У гэтым лісце члены Асацыяцыі прасілі спадара Фазеля адмовіцца ад правядзення чэмпіянату ў Беларусі, спасылаючыся на ​​шматлікія факты гвалту з боку сілавікоў, а таксама на вынікі праведзенага з выкарыстаннем платформы «Голас» апытання, якое паказала, што пераважная колькасць апытаных (каля 90%) ня хоча бачыць чэмпіянат у Мінску, пакуль у краіне працягваецца беззаконне.

Ліст Асацыяцыі застаўся без адказу. У снежні Рэнэ Фазель даў інтэрв’ю швейцарскаму выданню Watson.ch, у якім заявіў: «Мы не дазволім сабе патрапіць у закладнікі палітыкі. Гісторыя вучыць нас, што байкатаванне такіх спартовых мерапрыемстваў, як Алімпійскія гульні 1980 ці 1984 гадоў, ніколі не спрацоўвала. Спорт створаны для людзей і абʼядноўвае людзей, і ў нас у хакеі ёсць выдатная традыцыя не падпарадкоўвацца палітыцы і спрыяць міжнароднаму ўзаемаразуменню». Каментуючы пазіцыю хакейнай федэрацыі Латвіі, ён нават дапусціў, што чэмпіянат можа прайсці толькі ў Мінску, а Латвія можа страціць статус краіны-гаспадыні. Аднак перад тым, як прыняць канчатковае рашэнне, Фазель вырашыў асабіста зʼездзіць у Мінск, каб абмеркаваць сітуацыю з Лукашэнкам. Для чэмпіянату свету па хакеі гэты візіт апынуўся лёсавызначальным.

Мяркуючы па пазнейшых тлумачэннях, Фазель разлічваў на тое, што візіт пройдзе без залішняй публічнасці і ўвагі прэсы. Аднак Лукашэнка, якому ў апошні час даводзілася абмяжоўвацца візітамі саудаўскіх бізнэсоўцаў і расейскіх губернатараў, ніяк ня мог не скарыстацца прыездам спаровага чыноўніка сусветнага ўзроўню для таго, каб прадэманстраваць сваю значнасць. Кадры, на якіх Фазель цёпла абдымаецца з Лукашэнкам, імгненна абляцелі ўвесь свет. Акрамя таго, адзін з прысутных апублікаваў у сваім інстаграме фота, на якім Фазель пазіруе асабіста з Дзмітрыем Баскавым, пра ролю якога ў смерці Рамана Бандарэнка Міжнароднай хакейнай федэрацыі было ўжо вядома. Хвалю абурэння, якая ўзнялася ў швейцарскай прэсе, цяжка пераацаніць: «Ганьба для хакея, ганьба для Швейцарыі» – так пракаментаваў паездку Фазеля ў Беларусь «Tages Anzeiger».

Фазель настойваў: яго няправільна зразумелі, фота вырвалі з кантэксту, а правядзенне чэмпіянату свету ў Мінску па-ранейшаму магчыма.

Наступны пікет перад будынкам Міжнароднай хакейнай федэрацыі Асацыяцыя RAZAM.CH правяла 14 студзеня 2021 года, праз тры дні пасля візіту Фазеля ў Мінск. У гэты дзень у Цюрыху было незвычайна холадна, ішоў моцны снегапад. Але гэта не спыніла жадаючых прыняць удзел у дэманстрацыі, не ўсе з якіх нават змаглі да яе далучыцца з-за абмежаванняў па колькасці, абумоўленых пандэміяй. На плакатах, якія прынеслі прысутныя, былі асобна адзначаны спонсары чэмпіянату, у тым ліку Nivea, Tissot, Raiffeisen. У тыя ж дні беларускія дыяспары адпаведных краін пікетавалі штаб-кватэры прадпрыемстваў-спонсараў, каб паставіць перад імі пытанне: ці на такую рэкламу яны разлічвалі? Некаторыя спонсары, напрыклад, Tissot, адказвалі унікліва, спасылаючыся на ролю Міжнароднай хакейнай арганізацыі ў вырашэнні аб месцы правядзення чэмпіянату. Аднак ужо 16 студзеня аб сваёй адмове ад спонсарства чэмпіянату ў Менску заявілі Nivea і Skoda, а неўзабаве да іх далучылася і кампанія Liqui Moly. Пад ціскам спонсараў Міжнародная хакейная федэрацыя нарэшце пакінула спробы захаваць статус кво і аб’явіла аб пераносе чэмпіянату свету з Беларусі.

Такім чынам, хто ж адабраў у Аляксандра Лукашэнкі, вялікага прыхільніка хакея, ягоную любімую цацку? Несумненна, асноўную ролю ў гэтым адыгралі ягоныя хаўруснікі: Дзмітрый Баскаў і Рэнэ Фазель, які сваім візітам прыцягнуў ўвагу еўрапейскай прэсы да таго, што адбываецца. Аднак трэба адзначыць і дзейнасць беларускіх грамадскіх арганізацый, у тым ліку беларускіх дыяспар, якія ізноў прадэманстравалі здольнасць самаарганізоўвацца і каардынаваць намаганні паміж сабой, каб не дазваляць міжнародным арганізацыям закрываць вочы на ​​беззаконне ў Беларусі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *