Хаця беларускі нацыянальны сцяг да нядаўняга часу быў, мабыць, невядомы большасці швейцарцаў, колеры яго адразу выглядаюць знаёмымі, бо яны такія самыя, як і ў сцяга Швейцарыі: белы і чырвоны. Агулам, гэтае яркае спалучэнне надзвычай распаўсюджана ў геральдыцы Еўропы, і усходняя Еўропа – не выключэнне. У мінулыя стагоддзі срэбны вершнік на чырвоным полі – герб Пагоня – быў сімвалам Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі беларускія землі. Такое ж спалучэнне колераў было і ў гербе суседняга Каралеўства Польскага. У выніку рэгіён пабачыў у розны час нямала розных бела-чырвоных сцягоў – і з палосамі, і з гербамі, і так званы сцяг святога Юрыя – чырвоны крыж у белым полі.
Не дзіва, што каля стагоддзя таму, калі ўзмацнеў беларускі рух, для яго сімвала былі абраныя тыя ж два колеры. Паспрыяла, магчыма, і папулярнасць гэтага спалучэння ў народнай вышыўцы. Эскізы новага сцяга зрабіў Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Адзін з прапанаваных ім варыянтаў спадабаўся, і ў канцы 1917, калі ладзіўся Першы Усебеларускі з’езд, бел-чырвона-белы сцяг як сімвал беларусаў ужо не меў канкурэнтаў.
У наступным 1918 годзе ён стаў дзяржаўным сцягам новаабвешчанай Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ідэя новай рэспублікі не знайшла прыязнасці ў мацнейшых суседзяў, так што асобная беларуская дзяржава не змагла замацавацца на карце, а беларускія землі хутка аказаліся падзеленыя паміж Польшчай і Савецкім Саюзам. У абедзьвюх дзяржавах бел-чырвона-белы сцяг не быў забыты. Для Беларускай рэспублікі ў складзе Савецкага Саюза прапаноўваўся варыянт герба, заснаваны на бел-чырвона-белым сцягу – што праўда, без поспеху. У Польшчы сцяг выкарыстоўваўся ўсімі беларускімі палітычнымі партыямі, ад хрысціянскіх дэмакратаў да камуністаў, а таксама і беларускімі школамі, аж да 1939 года, калі Савецкі Саюз захапіў і гэтыя землі.
Падчас другой сусветнай вайны беларускі сцяг – як і мноства іншых сцягоў Еўропы – выкарыстоўваўся мясцовымі калабарацыйнымі структурамі. Гэты параўнальна кароткі эпізод актыўна выкарыстоўваецца прапагандай рэжыма Лукашэнкі для звязвання сцяга з экстрэмісцкімі поглядамі. Пры гэтым, відавочна, ігнаруецца, што такую ж прэтэнзію можна выставіць да многіх сучасных дзяржаўных сцягоў, ад французкага да расійскага. Варта згадкі і тое, што Клаўдзій Дуж-Душэўскі, стваральнік бел-чырвона-белага сцяга, трапіў падчас вайны ў канцлагер за дапамогу габрэям і меней чым хто-кольвек мог быць падазраваны ў сімпатыях да нацыстаў.
У пасляваенны перыяд у публічнай прасторы доўгі час безальтэрнатыўна панавала савецкая сімволіка. У 1980х гадах, калі ідэалагічны кантроль у Савецкім Саюзе пачаў слабнуць, бел-чырвона-белы сцяг – як і ўсё звязанае з Беларускай Народнай Рэспублікай – імкліва набыў папулярнасць сярод новых культурных і палітычных арганізацый. У 1991 годзе, калі Беларусь атрымала незалежнасць, нацянальны сцяг стаў дзяржаўным. Праз некалькі гадоў, з прыходам да ўлады Лукашэнкі, склалася тая сітуацыя, якую мы бачым і сёння: вяртанне дзяржавы да савецкай сімволікі і агрэсіўны пераслед любой альтэрнатывы. У пэўнай ступені акурат шматгадовы пераслед зрабіў бел-чырвона-белы сцяг у 2020 годзе ідэальным сімвалам пратэстаў – і прымусіў жадаць яго вяртання на дзяржаўныя будынкі.