СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА: ЗА ШТО і ЧАМУ МЫ ЗМАГАЕМСЯ

У 1948 годзе, калі эўрапейскія гарады яшчэ ляжалі ў руінах, а салдаты не вярнуліся дадому, свет перажываў шок пасля найбольш крывавай вайны, і чалавецтва задавалася пытаннем – як такое магло адбыцца? Але, яшчэ важней, – што трэба зрабіць, каб гэта не паўтарылася?

10 снежня 1948 года Генеральная Асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека і абвесціла абсалютны прыярытэт павагі да чалавечай асобы. Дэкларацыя носіць усеагульны, універсальны характар. Гэта значыць правы, абвешчаныя ў ёй, належаць кожнаму чалавеку ад моманту нараджэння.

Гэтая Дэкларацыя – вынік калектыўнай думкі, пасланне ваеннага пакалення тым, хто ня зведаў вайны. Гэта пасланне, кожная літара якога напісаная крывёў загінуўшых і слязьмі тых, хто выжыў, прызнаўшы сваю адказнасць за тое,  што ня здолеў спыніць гэткую жудасную катастрофу. Скразная тэма гатага паслання – шлях да катастрофы пачынаецца з абмежавання свабоды, а парушэнні правоў чалавека ў адной краіне ствараюць пагрозу гуманізму і стабільнасці ва ўсім свеце.

Праз 72 гады мы бачым, як у самым цэнтры Эўропы яе апошні дыктатар спрабуе ўтаптаць у бруд чалавечую годнасць і павагу беларускага народа, і як самааддана і згуртавана мільёны людзей выступаюць у абарону сваіх правоў і агульначалавечых каштоўнасцяў.

Пасля чатырох месяцаў змагання «краіна для жыцця», заснаваная на павазе правоў чалавека, па-ранейшаму выглядае для нас толькі марай, і гэта горкая праўда. Але гэта не ўся праўда, бо барацьба за гэтую мару зрабілася штодзённай рэчаіснасцю для мільёнаў людзей. На нашым баку вера, надзея і неймаверны штодзённы гераізм людзей розных пакаленняў. З намі салідарнасць народаў свету. А таксама нябачная армія тых, хто, зрынуўшы фашызм, зацвердзіў вяршынства правоў чалавека.

Яны здолелі. Здолеем і мы. Жыве Беларусь!

10 снежня 2020 г.

RAZAM.CH

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *