20 лістапада 2020 года ў Muri, прыгарадзе Берна, дзе знаходзіцца беларускае пасольства, прайшла акцыя салідарнасці з Беларуссю. Ужо больш за тры месяцы у Беларусі працягваюцца беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і гвалт ў дачыненні да ўласнага народу з боку нелегітымнага прэзідэнта Лукашэнкі. З 9-га жніўня па пачатак лістапада 25’800 чалавек былі затрыманыя міліцыяй і спецыяльнымі службамі. Яшчэ ў пачатку верасня Камітэт ААН па правах чалавека паведаміў пра не менш як 450 пацверджаных выпадкаў катаванняў у беларускіх турмах і гэта працягваецца, ёсць ахвяры. Сярод іх – Раман Бандарэнка, мастак, мінчук, збіты да смерці за тое, што заступіўся за бел-чырвона-белыя стужкі на плоце ў сваім двары. У медыя з’явіліся матэрыялы пра тое, што людзі, блізкія да асяродку Лукашэнкі, у прыватнасці, старшыня Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь, Дзмітрый Баскаў, замяшаныя ў забойстве Рамана.
12-га лістапада ўвечары смерць Рамана ад атрыманых траўмаў стала шокам не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. 13-га лістапада да Амбасады Рэспублікі Беларусь у Берне прыйшлі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Швейцарыі з кветкамі, каб ушанаваць памяць Рамана. Замест таго каб павітаць грамадзян сваёй краіны, адказаць на іх пытанні ці удзельнічаць у хвіліне маўчання, супрацоўнікі амбасады РБ выклікалі паліцыю і пачалі відэаздымку. Швейцарская паліцыя, якая прыбыла на месца па выкліку праз пару хвілін, наадварот была вельмі ўважлівая да прадстаўнікоў дыяспары і дазволіла людзям застацца, каб ушанаваць памяць Рамана і пакінуць кветкі ля амбасады. Супрацоўнікі амбасады не спыніліся ў сваім цынізме: прыбралі кветкі і працягваюць іх прыбіраць, як толькі новыя кветкі і свечкі з’яўляюцца каля іх сцен, прыкрываючыся аргументамі, што кветкі і партрэты могуць парушыць спакой жыхароў мікрараёна або закрануць іх пачуцці.
Асацыяцыя RAZAM.CH падтрымала прадстаўнікоў беларускай дыяспары і арганізавала дазволеную акцыю ля Беларускай амбасады, а таксама разаслала суседзям ўлёткі пра тое, чаму з’яўляюцца кветкі каля іх сцен. Апошняе паведамленне, якое Раман Бандарэнка напісаў ва ўнутраным дваровым чаце, было «Выходжу!». Акцэнт акцыі ў неабходнасці адкрыта выходзіць і выказваць сваю падтрымку і захапленне мірнымі пратэстамі беларусаў супраць дыктатарскага рэжыму. Амбасада перадала праз паліцыю, што не жадае бачыць кветкі ля сваіх сцен. Па гэтай прычыне быў усталяваны лятучы мемарыял Раману Бандарэнка, які размясціўся тым жа вечарам перад будынкам Швейцарскага Парламента. Удзельнікі акцыі падпісалі для амбасады паштоўку з перавернутым чырвона-зялёным сцягам, як сімвалам капітуляцыі рэжыму Лукашэнкі.