Асацыяцыя RAZAM.CH накіравала адкрыты ліст да Міжнароднай федэрацыі хакея

Паважаны спадар Fasel,
Беларуска-швейцарская Асацыяцыя RAZAM.CH, якая прадстаўляе многіх беларусаў, пражываючых у Швейцарыі, хацела б звярнуць Вашую ўвагу на сітуацыю, якая склалася вакол Чэмпіянату Свету па хакеі з шайбай 2021, які мусіць быць праведзены ў Латвіі і Беларусі з 21 траўня па 6 чэрвеня 2021 году. Пры нармальных абставінах быць суарганізатарам спартовай падзеі такога высокага ўзроўню – вялікі гонар для любой краіны. Толькі, на вялікі жаль, не ў выпадку Беларусі з-за прычынаў, апісаных ніжэй.

Пасля прэзідэнтскіх выбараў 9 жніўня 2020 году ў Мінску і ў іншых месцах краіны рэгулярна адбываюцца масавыя акцыі пратэсту, якія часам налічваюць некалькі сотняў тысячаў удзельнікаў. Нягледзячы на абсалютны мірны характар пратэстаў, улада выкарыстоўвае міліцыю і ўзброеныя сілы для падаўлення гэтых акцыяў. Святло-шумавыя гранаты, слезацечны газ, гумавыя кулі і вадамёты рэгулярна прымяняліся на вуліцах на працягу апошніх трох месяцаў. Масавыя затрыманні, пагрозы, непрапарцыйнае прымяненне сілы супраць мірных пратэстоўцаў, а таксама супраць выпадковых людзей, ня кажучы ўжо пра шматлікія зафіксаваныя выпадкі катаванняў і іншыя нялюдзкія і зневажаючыя чалавечую годнасць умовы у месцах утрымання, рэпрэсіі супраць СМІ і асобных журналістаў, рэгулярная блакіроўка інтэрнэту – усё гэта стала сумнай рэальнасцю сучаснай Беларусі. У адказ на гэтыя масавыя і жорсткія парушэнні правоў чалавека беларускімі ўладамі, глыбокая занепакоенасць і моцнае асуджэнне былі шырока выказаныя як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні.

Беларуская спартовая супольнасць не засталася ў баку. У Адкрытым звароце да беларускай улады болей за 1000 спартоўцаў і супрацоўнікаў спартовай сферы заклікалі да неадкладнага спынення гвалту і, сярод іншага, вызваленне ўсіх незаконна затрыманых. Беларускае спартовае кіраўніцтва адрэагавала аказаннем ціску на гэтых спартоўцаў, многія з якіх былі звольненыя з працы ці ім было адмоўлена ў магчымасці трэніравацца. Па стане на дату гэтага ліста па меньшай меры пяць беларускіх спартоўцаў адбываюць турэмнае зняволенне за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, і болей за 20 іншых спартоўцаў былі звольненыя з працы з-за іх палітычных поглядаў (больш падрабязнасцяў – у прымацаваным дакуманце Беларускага фонду спартовай салідарнасці (БФСС)).

Сярод тых, хто падпісаў Адкрыты зварот супраць гвалту, каля 30 спартоўцаў прадстаўляюць беларускі хакей, уключаючы афіцыйных асобаў Беларускай Федэрацыі па хакеі. Напрыклад, сп. Генадзь Савілаў, які быў вымушаны пакінуць свае пасады Прэзідэнта Беларускай Федэрацыі па хакеі і старшыні Арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы Чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2021. Як мінімум тры трэнеры і пяць супрацоўнікаў адміністрацыі былі вымушаныя сысці са сваіх спартовых пасадаў. Рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў беларускай спартовай супольнасці не спыніліся, закранаючы спартоўцаў, членаў спартовых камандаў і спартовых службоўцаў.

Беларускі фонд спартовай салідарнасці актыўна прыцягвае сусветную ўвагу да фактаў масавых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і пастаянны ціск на спартовую супольнасць у краіне. Сярод іншага, БФСС ставіць пад пытанне мэтазгоднасць дазволу Беларусі быць адным з прымаючых бакоў Чэмпіянату Свету па хакеі з шайбай 2021. Паміж 2-ім і 9-ым лістападам 2020 году было праведзенае электроннае апытанне грамадскай думкі на платформе “Голас”, на якой зарэгістравана 420’075 беларускіх грамадзянаў, маючых права галасаваць. Вынікі апытання – наступныя:

  • 90,85% прагаласавалі за адмену Чэмпіянату ў Беларусі;
  • 3,41% прагаласавалі за тое, каб не адмяняць Чэмпіянат у Беларусі;
  • 5,74% ня вызначаліся з тым, які адказ абраць.

Беларуска-швейцарская Асацыяцыя RAZAM.CH таксама глыбока занепакоеная цяперашняй сітуацыяй па правах чалавека ў Беларусі. Арышты і гвалт не зменшыліся, сур’ёзна закранаючы тысячы людзей, як і актыўных пратэстоўцаў, так і выпадковых мінакоў, няважна – грамадзянаў ці замежнікаў, незалежна ад іх статусу ці прафесіі. У нас ёсць сур’ёзныя падставы апасацца, што Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай 2021, калі будзе праведзены ў Беларусі, падвергне яго ўдзельнікаў, арганізатараў, афіцыйных прадстаўнікоў і шматлікіх заўзятараў нацыянальных камандаў рызыцы гвалту і іншым сур’ёзным парушэнням правоў чалавека. Тут гаворка не ідзе пра палітыку ці палітычныя перавагі, а пра пытанні бяспекі.

Улічваючы вышэйсказанае, мы просім Вас і Міжнародную федэрацыю хакею на лёдзе выразіць салідарнасць з беларускім грамадствам і спартовай супольнасцю, прыняць да ўвагі ўсе рызыкі, датычныя бяспекі, а таксама рэпутацыйныя рызыкі, і разгледзець перадачу арганізацыйнага ўдзелу Беларусі ў Чэмпіянаце свету па хакеі з шайбай 2021 у іншую краіну.
Мы разлічваем на Вашую падтрымку і заўчасна дзякуем Вам.

З павагай,
Асацыяцыя RAZAM.CH

Open-letter-RAZAM-IIHF-1