ДАКЛАД БЕЛАРУСІ ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА ў ААН 266 рэкамендацыі ўраду

6 лістапада Асацыяцыя Razam.Ch правяла Онлайн Брыфінг па выніках разгляду Універсальнага перыядычнага агляду Беларусі па правах чалавека, які адбыўся 2 лістапада ў аддзяленні ААН у Жэневе. Як мы паведамлялі раней, выступаючыя дэлегацыі станоўча ацанілі адносны прагрэс у вобласці правоў чалавека ў краіне ў 2016-2019 гадах, аднак выказалі крытычнае стаўленне да жорсткага і шырокага па размаху прымянення гвалту ў адносінах да ўдзельнікаў мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнтскіх выбараў у жніўні 2020 году. Кожны выступ заканчваўся рэкамендацыямі. Беларусь атрымала 266 рэкамендацыі ад 92 краінаў. Рэкамендацыі не носяць абавязковы характар, але ўрад, тым не менш, павінен будзе вынесці рашэнне па кожнай з іх да сакавіка 2021 году. Ніжэй мы прыводзім іх абагулены пералік.

Рэкамендацыі, звязаныя з падзеямі апошніх месяцаў у Беларусі:

Пра неабходнасць прыняць неадкладныя захады для перадухілення ўсіх катаванняў і жорсткіх, нялюдзкіх ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжаня і пакарання, неадкладна і аб’ектыўна расследаваць усе сцверджанні пра катавані і іншыя жорсткія, нечалавечыя ці прыніжаючыя годнасць віды абыходжання і пакарання і прыцягнуць вінаватых да адказнасці казалі Швейцарыя, Канада, Фіджы, Велікабрытанія, Албанія, Аўстрыя, Коста Рыка, Кіпр, Чэхія, Эстонія, Фінляндыя, Германія, Францыя, Грэцыя, Італія, Ліхтэнштэйн, Літва, Мексіка, Чарнагорыя, Новая Зеландыя, Паўночная Македонія, Польшча, Рэспубліка Карэя, Румынія, Славакія, у ліку іншых.

Безадкладна спыніць жорсткія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, журналістаў і праваабаронцаў рэкамендавалі Літва, Італія, Ліхтэнштэйн, Люксембург, ЗША, Данія, Фінляндыя, Францыя, Новая Зеландыя, Гішпанія, Нарвегія; забяспечыць права на свабоду слова, сходаў і асацыяцыяў рэкамендовалі Швецыя, Албанія, Аргентына, Бельгія, Эквадор, Індыя, Італія, Паўночная Македонія, Польшча, Партугалія, Велікабрытанія, Румынія, Славенія, Канада, Украіна, Мальта, Рэспубліка Карэя, Славакія, Данія, у тым ліку забяспечыць гэтыя правы для прадстаўнікоў ЛГБТІ групаў (Ісландія).

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і адвольна затрыманых і забяспечыць ім поўную рэабілітацыю рэкамендавалі Італія, Велікабрытанія, Аўстрыя, Бельгія, Чылі, Чэхія, Эстонія, Ісландыя, Ірландыя, Японія, Украіна, Літва, Люксембург, Мальта, Нарвегія, Польшча, ЗША, Швецыя, Канада, Германія, у ліку іншых.

Спыніць адключэнне інтэрнэту і доступ да інтэрнет-рэсурсаў рэкамендавалі Люксембург, Велікабрытанія, Аўстрыя, Эстонія, Ірландыя, Новая Зеландыя і Нарвегія.

Партугалія, Аўстрыя і Мексіка казалі пра неабходнасць унесці змены ў Закон аб СМІ, Мексіка таксама ўзгадала пра неабходнасць унесці змены ў Закон аб барацьбе з экстрэмізмам, а Польшча – аб неабходнасці прывесці заканадаўчую базу ў адпаведнасць з рэкамендацыямі Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ. 

Адмяніць абмежаванні на працу журналістаў і СМІ, у тым ліку замежных, і гарантаваць спрыяльныя ўмовы для працы журналістаў і блогераў рэкамендавалі Швейцарыя, Аўстрыя, Канада, Кіпр, Чэхія, Эстонія, Грэцыя, Ірландыя, Інданэзія, Новая Зеландыя, Нарвэгія, Польшча, Швецыя, у ліку іншых.

Выконваць абавязкі па міжнародных дамовах па правах чалавека, датычных свабодных і справядлівых выбараў, рэкамендавалі Францыя, Румынія і Нарвегія, у тым ліку выконваць усе выбарчыя рэкамендацыі БДІПЧ / АБСЕ, як пазначана ў справаздачах іх назіральных місій (рэкамендацыі ад Германіі, Румыніі, Швецыі).

Удзельнікі дыскусіі таксама выказвалі рэкамендацыі па спрашчэнні правілаў, якія рэгулююць рэгістрацыю арганізацый грамадзянскай супольнасці і палітычных партыяў (Перу), публічнага прызнання ролі праваабаронцаў і забеспячэнне ім падтрымкі, каб яны маглі выконваць сваю праваабарончую працу без прыгнёту і запужвання (Славакія), і гарантавання, як па законе, так і на практыцы, поўнай незалежнасці судовай улады (Албанія).

Рэкамендацыі агульнага характеру тычыліся:

Увядзення мараторыя і адмены смяротнага пакарання, пра што ўзгадалі ў сваіх рэкамендацыях 37 краінаў. 

Працяг высілкаў, якія прадпрымае Беларусь з мэтай папярэдзіць гандаль людзьмі (за што выказаліся Венесуэла, Зімбабвэ, Індыя, Іран, Ірак, ААЭ, Нікарагуа, Нігерія, Філіпіны).

Краіны таксама рэкамендавалі ратыфікаваць міжнародныя дамовы па правах чалавека і канвенцыі, удзльніцай якіх Беларусь яшчэ не з’яўляецца, у тым ліку: Рымскі статут Міждународнага Крымінальнага Суда (рэкамендавана Гандурасам, Латвіяй, Ліхтэнштэйнам, Люксембургам), Другі Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы, накіраваны на адмену смяротнага пакарання, Канвенцыю пра абарону ад гвалтоўных знікненняў (рэкамендавана Францыяй, Украінай, Сенегалам), Канвенцыю аб абароне правоў рабочых мігрантаў (рэкамендавана Інданэзіяй), Факультатыўны пратакол да Канвенцыі супраць катаванняў (рэкамендавана Чылі, Даніяй, Кіпрам, Украінай), Канвенцыю 1954 года аб статусе апатрыдаў і Канвенцыю 1961 года аб скарачэнні безграмадзянства (Грузія), Стамбульскую канвенцыю пра крыміналізацыю гвалту ў сям’і (Італія), Дамову пра забарону ядзернай зброі (Гандурас), Канвенцыю пра касетныя баявыя прыпасы (Мальта) і Кодэкс паводзінаў у адносінах дзеянняў Савета Бяспекі супраць генацыда, злачынстваў супраць чалавечнасці ці вайсковых злачынстваў (Ліхтэнштэйн).

Цэлы шэраг краінаў рэкамендаваў прыняць з візітам Спецыяльную дакладчыцу па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і прадаставіць “пастаяннае запрашэнне” для ўсіх спецдакладчыкаў. Прадстаўніца Велікабрытаніі парэкамендавала выконваць рекамендацыі Дакладчыка АБСЕ ў рамках Маскоўскага механізма.

Уключыць у Крымінальны кодэкс спецыяльнае палажэнне, якое вызначае адказнасць за ўсе акты катаванняў у адпаведнасці з Канвенцыяй супраць катаванняў рэкамендавалі Мальта, Партугалія і Нідэрланды.

Шэраг краінаў рэкамендаваў прыняць усеабдымнае заканадаўства, якое забараняе дыскрымінацыю ва ўсіх яе формах (Аргентына, Ірак, Нідэрланды) у тым ліку па расавай прыналежнасці (Ангола), сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці (Аргентына, Чылі, Мексіка, Гішпанія). Сенегал і Мексіка рэкамендавалі забяспечыць сацыяльную інтэграцыю людзей з групы Рома, у тым ліку, распрацаваць праграмы па павышэнні наведвальнасці школаў дзецьмі Рома. Афганістан рэкамендаваў прыняць захады па абароне ўцекачоў, мігрантаў і просьбітаў прытулку ад катаванняў і забяспечыць абарону мігруючых дзяцей.

Пра заахвочванне правоў слабых групаў, асабліва людзей з абмежаванымі магчымасцямі казалі Ліван, Азербайджан, Эфіопія, Мьянма, Філіпіны, Шры Ланка.

Стварэнне незалежнай нацыянальнай праваабарончай установы таксама было згаданае ў выступленні 11 краінаў, уключаючы Судан, Сенегал, Малайзію, Буркіна Фасо, Пакістан, Афганістан і Філіпіны. 

Прыняць далейшыя меры, накіраваныя на дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця рэкамендаваў В’етнам, у той час як Святы Пасад рэкамендаваў забяспечыць адсутнасць абмежаванняў на права на свабоду рэлігіі і перакананняў, а Астраўная дзяржава Фіджы акцэнтавала ўвагу на неабходнасці ўмацавання заканадаўчых рамак, накіраваных на рашэнне міжсектаральных экалагічны праблемаў, уключаючы змены клімату.

Рэкамендацыі таксама тычыліся прыняцця далейшых захадаў па развіцці і падтрымцы інстытута сям’і (Егіпет, Іран, Лаос і Нікарагуа), і распрацоўкі нацыянальнай стратэгіі па скарачэнні маштабаў беднасці з удзяленнем асаблівай увагі дзецям і сем’ям, якія знаходзяцца ў слабым становішчы рэкамендаваў Усходні Тымор. Падобныя рэкамендацыі пра неабходнасць барацьбы з галечай, асабліва ў сельскай мясцовасці і далейшым паляпшэнні медычных паслугаў у сельскай мясцовасці прагучылі ад Турцыі, Ірака, Алжыра, М’янмы. 

Куба парэкамендовала працягнуць умацоўваць асноўныя службы аховы здароўя, асабліва для  людзей сталага веку і іншых уразлівых групаў, асабліва ў кантэксце пандэміі КАВІД-19. Палепшыць доступ і якасць медычнага абслугоўвання, уключаючы псіхіатрычную дапамогу для зняволеных, і павялічыць колькасць прафесійнага медычнага персанала ва ўсіх месцах утрымання пад вартай парэкамендаваў Святы Пасад. Рэкамендацыі адносна адмены абавязковага тэставання і крыміналізацію перадачы ВІЧ зрабіла Ісландыя. Узмацніць бягучыя меры па перадухіленні самазабойстваў сярод моладзі за кошт узмацнення ананімнага кансультавання і паслугаў гарачай лініі парэкамендавала М’янма.

Усталяваць нацянальны дыялог з грамадскай супольнасцю рэкамендавалі Японія, Казахстан, Ліван, Літва, Нарвэгія і Румынія, у ліку іншых. ЗША парэкамендавалі ўдзельнічаць у сапраўдным дыялогу пры садзейнічанні Дзейнага старшыні АБСЕ з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці, уключаючы жанчынаў, якія ўзначальваюць пратэсты.

Шэраг краінаў зрабіў рэкамендацыі датычна правоў жанчынаў, у тым ліку:

  • распрацаваць і рэалізаваць новы нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендэрнага равенства (Бурундзі), 
  • прыняць канкрэтныя захады па скарачэнні гендэрнага разрыву ў аплаце працы (Ангола), 
  • гарантаваць жанчынам роўны доступ да працы (Грэцыя),
  • змагацца з адмоўнымі стэрыятыпамі ў адносінах да жанчынаў у галіне працы (Ангола),
  • судзейнічаць роўнаму доступу да установаў прафесійнага навучання (Індыя),
  • прыняць меры па павышэнні свядомасці грамадскасці аб дыскрымінацыі па полавай прыкмеце ў кансультацыі з недзяржаўнымі арганізацыямі (Буркіна Фасо, Бурундзі),
  • прыняць неабходныя прававыя захады і рэформы для перадухілення гвалту ў адносінах да жанчынаў, у прыватнасці хатняга і сэксуальнага гвалту (Эквадор, Фіджы, Філіпіны, Бразілія, Коста Рыка, Перу, Партугалія, Малайзія, Ангола, Харватыя, Кувейт).

Да правоў дзяцей звярталіся Малайзія, кажучы пра неабходнасць распрацоўкі комплекснай стратэгіі перадухілення ўсіх формаў гвалту ў адносінах да дзяцей; Бразілія, з рэкамендацыяй забяспечыць, каб беднасць і інваліднасць не выкарыстоўваліся як апраўданне для пазбаўлення дзяцей бацькоўскай апекі, рэфармаваць сістэму ювенальнай юстыцыі, каб гарантаваць захаванне правоў чалавека і найлепшых інтарэсаў дзіцяці (Германія, Гішпанія), пашыраць доступ да адукацыі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі (Афганістан, Алжыр, Сінгапур).

Асобным шэрагам стаяць рэкамендацыі, якія пачынаюцца са словаў «працягваць», «прыкладаць сур’ёзныя намаганні», «разгледзець магчымасць», «прадпрымаць далейшыя крокі для». Са словаў «калі ласка працягвайце» пачалі свае рэкамендацыі Кітай («Працягваць ісці па шляху развіцця правоў чалавека, які адпавядае нацыянальным умовам»), Паўночная Карэя («Працягваць рэалізацыю сацыяльна арыентаванай палітыкі, накіраванай на далейшае паляпшэнне дабрабыту грамадзянаў»), а таксама Эфіопія, Сірыя, Куба, Венесуэла, Нікарагуа, Нігерыя, Алжыр, Егіпет, Турцыя і Індыя, у ліку іншых. Менавіта гэтыя рэкамендацыі, хутчэй за ўсё, прыме ўрад Беларусі ў першую чаргу.

Сувязь з Асацыяцыяй Razam.Ch: info@razam.ch

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *