Правы чалавека ў Беларусі: што насамрэч абмяркоўвалі на нарадах ААН

Шэраг сродкаў масавай інфармацыі 3-га лістапада апублікаваў матэрыялы аб паседжанні працоўнай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе, пазначыўшы ход абмеркавання даклада Беларусі як падтрымку дзеючага рэжыму з боку Савета па Правах Чалавека. Практычна ўсе выданні выкарыстоўвалі ў якасці першакрыніцы тэкст, апублікаваны няўрадавай арганізацыяй UN Watch, вядомай сваім занадта крытычным стаўленнем да працы ААН. Менавіта UN Watch напісала супярэчлівую фразу, якая разыйшлася па інтэрнэце «51 краіна з 92 высока ацанілі дасягненні Беларусі ў галіне правоў чалавека». Гэтая аднабокая ацэнка сур’ёзна скажае сэнс і змест таго, што насамрэч адбылося ў Жэневе 2-га лістапада.

Універсальны Перыядычны Агляд (УПА) – гэта механізм супрацы, з дапамогай якога правяраюцца стандарты і практыка выканання правоў чалавека дзяржавамі-чальцамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта першы праваабарончы механізм ААН, які з’яўляецца ўніверсальным, а значыць, ўсе дзяржавы абавязаны прайсці праз гэты працэс, адна за адной і на роўных умовах. УПА пачаў функцыянаваць у 2008 годзе.

Разгляд справаздачы Беларусі па правах чалавека праходзіў 2-га лістапада ў штаб-кватэры ААН у Жэневе падчас 36-й сесіі Працоўнай Групы па УПА. Гэта ўжо трэці агляд Беларусі гэткага кшталту – першыя два цыклы агляду былі праведзеныя ў 2010 і 2015 гадах. Важна адзначыць, што разгляд справаздачы па Беларусі з’яўляецца планавым, падчас афіцыйнага абмеркавання надаецца ўвага выкананню рэкамендацый ад моманту папярэдняга агляду, а не бягучай сітуацыі. Сапраўды, у перыяд з 2016 па 2019 гады урад Беларусі істотна прасунуўся ў выкананні некаторых рэкамендацый, што і адзначалі шматлікія ўдзельнікі паседжання, дакладна даючы зразумець, што менавіта гэткі вектар развіцця вітаецца міжнароднай супольнасцю. Напрыклад, дэлегацыю Беларусі віншавалі з нагоды ратыфікацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў (у 2015 годзе), прыняцця першага Нацыянальнага плану па правах чалавека (2016-2019) і гатоўнасці запрасіць з візітам некалькі тэматычных спецдакладчыкаў ААН.

Пры гэтым, негледзячы на тое, што бягучыя падзеі не з’яўляюцца прадметам абмеркавання, практычна палова ўсіх удзельнікаў дыялога палічылі за неабходнае выказацца на тэму менавіта падзеяў апошніх месяцаў, катэгарычна асуджаючы гэткія абуральныя парушэнні правоў чалавека, як несупамернае выкарыстанне сілы супраць пратэстуючых, адвольныя арышты, катаванне і жорсткае абыходжанне ў турмах, падаўленне свабоды сходаў і асацыяцый, падаўленне свабоды слова і выказвання.

Варта адзначыць, што Савет па Правах Чалавека (СПЧ) не даваў аніякай ацэнкі дасягненням Беларусі. Універальны Перыядычны Агляд, сессія якога адбылася 2 лістапада, з’яўляецца толькі адным з механізмаў гэтага органа. У СПЧ уваходзіць 47 краін, аднак у абмеркаванні дакладаў УПА прымаюць удзел усе краіны-удзельніцы ААН, а не толькі чальцы СПЧ. Савет па Правах Чалавека як орган ААН не разглядае даклад Беларусі і не ўпаўнаважаны даваць ацэнку сітуацыі ў краіне. Рабіць каментары, задаваць пытанні, а галоўнае, даваць рэкамендацыі ў рамках УПА могуць толькі індывідуальныя краіны-удзельніцы, то бок любая са 193 дзяржаваў-чальцоў ААН, але не сама арганізацыя ці яе органы.

Падчас абмеркавання даклада Беларусі слова ўзялі 92 дзяржавы. Пры гэтым адзначалася высокая ступень удзелу ў дыскусіі не толькі традыцыйна бяручых слова ўсходнееўрапейскіх і заходніх краін, але і вялікай колькасці азіяцкіх дзяржаваў (29 краін, альбо амаль траціна ад усіх выступіўшых), а таксама краін Лацінскай Амерыкі і Афрыкі, многія з якіх прадэманстравалі высокую дасведчанасць аб падзеях у Беларусі і негатыўнае стаўленне да іх.

Выступы абсалютнай большасці делегацый адрозніваліся той ці іншай ступенню канструктыўнай крытыкі ці канструктыўных рэкамендацыяў. Цяжка ў поўнай меры ацаніць, адкуль узялася лічба «51 краіна, якія падтрымалі Беларусь». Магчыма, UN Watch падлічылі тыя дэлегацыі, якія традыцыйна пачалі свой выступ са словаў падтрымкі ў бок дзяржавы-дакладчыцы, што з’яўляецца ўстойлівай дыпламатычнай практыкай, ухваленнем самога факта згоды дзяржавы ўдзельнічаць у працэссе, гатоўнасці выслухоўваць і разглядаць рэкамендацыі іншых краін. Аднак, пачынаючы выступы на мяккай і станоўчай ноце, большасць удзельнікаў заканчвае канкрэтнымі рэкамендацыямі. Напрыклад, сказаная прадстаўніком Нідэрландаў фраза «Мы дзякуем Беларусі за ўдзел у прасоўванні Мэтаў устойлівага развіцця» напачатку выступу не перашкодзіла дэлегацыі выказаць цалкам канкрэтную рэкамендацыю «унесці ў Крымінальны кодэкс артыкул, прадугледжваючы адказнасць за любыя віды катаванняў».

Многія агучаныя рэкамендацыі датычыліся падзеяў апошніх месяцаў (спыніць запужванне, пераслед, адвольныя арышты і несупамернае выкарыстанне сілы, вызваліць усіх палітычных зняволеных, раследваць абвінавачанні ў жорсткім абыходжанні і катаваннях з боку  дзяржаўных структураў, уступіць у праўдзівы дыялог з грамадзянскай супольнасцю, і г.д.), іншыя насілі больш агульны характар (адмена смяротнага пакарання, праблемы хатняга гвалту, стварэнне Нацыянальнай установы па правах чалавека, у адпаведнасці з Парыжскімі прынцыпамі, дазвол спецыяльнаму дакладчыку ААН па правах чалавека прыехаць з афіцыйным візітам, між іншага).

Менавіта рэкамендацыі маюць важнае значэнне пры працэдуры УПА. Усе рэкамендацыі, выказаныя краінамі-удзельніцам дыялогу, занатоўваюцца Працоўнай Групай УПА, якая потым публікуе адпаведны даклад. Краіна-дакладчыца можа прыняць тыя ці іншыя рэкамендацыі на ўласны погляд.

Варта адзначыць, што нават прынятыя рэкамендацыі не з’яўляюцца юрыдычна абавязковымі для разглядаемых дзяржаваў. Тым не менш, УПА сыходзіць з таго, што дзяржавы дабраахвотна прымаюць на сябе абавязацельствы дзейнічаць у адпаведнасці з рэкамендацыямі на ўласны выбар. Як правіла, кожная краіна ў выніку пагаджаецца выконваць каля двух трацін ад усіх агучаных рэкамендацыяў. Прадстаўнікі ўраду Беларусі выкажуць сваю пазіцыю па вынесеных падчас агляду рэкамендацыях 6-га лістапада 2020 г.


Update

6-га лістапада ў штаб-кватэры ААН у Жэневе быў прадстаўлены выніковы дакумент Працоўнай Групы Універсальнага Перыядычнага Агляду (УПА) па Беларусі з кароткім выкладаннем хода агляду. Фінальная версія гэтага документа будзе даступная 20-га лістапада 2020 года.

Падчас трэцяга цыклу УПА па Беларусі прадстаўнікі 92 дзяржаваў выказалі 266 рэкамендацый з мэтай паляпшэння сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў краіне. Па ацэнкам беларускай дэлегацыі, якая ўзяла слова пасля прадстаўлення выніковага дакумента, атрыманя рэкамендацыі закранаюць каля 100 тэматычных пытанняў. Як заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Юры Амбразевіч, «Беларусь выступае супраць любых спробаў палітызаваць механізм агляду, у тым ліку праз унясенне непрымальных ні для аніводнай сувярэннай дзяржавы рэкамендацый, якія могуць падарваць дзейсны ў рамках механізма дыялог».

Паводле наяўнай практыцы, урад Беларусі выкажа сваю пазіцыю па ўсіх вынесеных падчас агляду рэкамендацыях да пачатку наступнай сесіі Савета па Правах Чалавека (люты-сакавік 2021).

Беларуска-швейцарская асацыяцыя RAZAM.CH будзе сачыць за развіццём падзеяў.