Беларусы Швейцарыі чыталі вершы ў памяць пра паэтаў расстраляных у ноч з 29 па 30 кастрычніка 1937 года

У кастрычніку 1937 г. адбылося масавае знішчэнне камуністычнымі ўладамі беларускіх пісьменнікаў, мастакоў і дзяржаўных дзеячаў. Гэта падзея азначае пік Вялікай чысткі і рэпрэсій ва ўсходняй Беларусі, падкантрольнай СССР.Больш за 100 вядомых асоб былі пакараны смерцю, большасць з іх у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. Іх невінаватасць была прызнана Савецкім Саюзам пасля смерці Іосіфа Сталіна.

У памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, загiнулых у ноч з 29 на 30 кастрычнiка Беларусы Швейцарыі чыталі вершы Міхася Чарота.

Міхась Чарот
Бунтар
Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар.
Я балота буджу гучным шумам.
У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,
Але змоўкнуць не дам сваім струнам.
Уздыму дух людзей, прабуджу іх ад сну, –
Славу, будучнасць я ім прарочу…
Я, мяцежны бунтар, клічу жыцця вясну,
Клічу к працы свабоднай і творчай.
Як не счуюць мяне, я мацней загуду,
Дам гучнейшы акорд песні новай…
А каб змыць з зямлі бруд, скалыхну я ваду,
Што дажджом налілася свінцовым.
Чаму ж вы, песняры, што будзілі людзей,
Чуць не хочаце песні чарота?
Нашы песні – наш кліч, бо адных мы грудзей,
Край адзін наш – то наша балота.
Дык шумі, як шумеў, велікан-ясакар,
Шапаці, спелы колас, у полі…
А я песню сваю буду пець – я бунтар!
Буду клікаць народ свой да Волі.
(1922)

Міхась Чарот
А я іду
Шалёны вецер свішча ў полі…
Маланка ззяе… Гром грукоча…
А я іду… Слабею з болі…
Мо не дайду туды ніколі,
Але ў няволі жыць не хочу.
Ў зімову сцюжу снег заносіць…
Не бачу свету ў завірухах…
Але наш край свабоды просіць,
І сын яго хай гора зносіць,
Хай моцны будзе целам, духам.
Я сын яго. Дзіця я працы,
Такіх, як я, — нас шмат — мільёны;
Мы зможам ворага ў палацы…
А вы рагочаце, паяцы,
І кажаце, што я — шалёны.
Шалёны,— кажаце,— шалёны,
Як вецер той, што ў полі свішча…
Затым, што там, дзе плач і стогны,
Не біў я ворагу паклоны,
А справіў смерці баль-ігрышча.
А хто рагоча? Той, хто ўчора.
Як я, глядзеў на свет з-за краты,
Хто чару ту са мною гора…
Сягоння трус ён стаў, прытвора,
Гатоў свайго ж прадаці брата…
Мой цяжкі шлях… Ваюю з бурай…
Схіляе вецер, як былінку…
Часамі спеў душы — віхура —
Прымусіць доўга быць панурым,
Нібы бяздольну сірацінку.
Але змагаю ўсе няўзгоды,
У даль імкнуся без спачыну…
У ясны дзень і ў непагоду
Кладу я шлях свайму народу,
Пакуль ў снягах жыцця не згіну.
Хутчэй з заходу сонца ўзойдзе,
Чым край наш будзе у няволі…
Аб час мінулы у народзе
Дудар свой сумны спеў заводзе…
Той час не прыйдзе ўжо ніколі.
Пра гэты ж час вайны крывавай
Раскажа лірнік казку свету,
Хто быў тут правы, хто няправы…
Аб гэтым зашуміць дубрава
І гучны верш пяўца-паэта…
…І я іду… Гудуць мяцелі…
Мо імі буду я занесен…
Мільёнам ў гурбах ногі млелі.
Пасля ім кулі песні пелі…
І больш яны не чуюць песень.
(1922)

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *