Асацыяцыя RAZAM.CH арганізавала акцыю салідарнасці з Беларуссю ў Берне

3 кастрычніка 2020 года ў Берне на Прывакзальнай плошчы прайшла акцыя салідарнасці з Беларуссю. Акцэнт акцыі зроблены на падтрымку палітвязняў і грамадзянаў, якія былі затрыманыя на мірных маніфестацыях.

Акцыя салідарнасці з Беларуссю ў Берне, 3 кастрычніка 2020

Па інфармацыі праваабарончага цэнтру Вясна колькасць палітычных зняволеных у Беларусі рэзка памножылася за апошнія некалькі месяцаў. Мы зачыталі спіс з 74 зняволеных з сайту Вясны: сярод іх прадстаўнікі розных узростаў, розных прафесій, ураджэнцы розных мясцінаў Беларусі. Дакладная колькасць затрыманых за ўдзел у маніфестацыях ці выказванні супраць несумленных выбараў нам невядомая. Сярод такіх затрыманых – прадстаўніца швейцарскай дыяспары Наталля Хершэ, затрыманая на 15 сутак 19 верасня пад час жаночага марша.

У рамках акцыі ўдзельнікі падпісалі паштоўкі палітвазням са словамі падтрымкі са Швейцарыі. Паштоўкі разляцяцца па месцах зняволення на Акрэсціна, Валадарскага, у Жодзіна, у Баранавічах. Мы вельмі паважаем і ганарымся нашымі суайчыннікамі, якія выказаліся за гонар і волю беларусаў. Мы ведаем, які ціск на іх аказваецца, і спадзяемся, што нашыя паштоўкі дазволяць ім адчуць нашую сардэчную падтрымку.

У той жа дзень частка ўдзельнікаў наведала экспазіцыю L’Œuil extérieur – Neuformatierung des Raumes / Affspace+, Bern, арганізаваную Ірынай Герасімовіч і Валерыянам Малі. Выстава прадстаўляла работы трох беларускіх мастакоў: Артура Клінава, Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай. Вялікі дзякуй мастацтвазнаўцы, спецыялісту па ўсходнеэўрапейскаму мастацтву Серайне Ренц (Seraina Renz), якая прадставіла нам работы. Нашая сардэчная ўдзячнасць Валерыяну Малі (Valerian Maly), які не толькі арганізаваў шэраг культурных акцыяў, прысвечаных Беларусі, але і прайшоў на нашую маніфестацыю, каб выказаць словы саліадарнасці ад швейцарскіх прадстаўнікоў мастацтва. Мы таксама наведалі кніжную краму ў цэнтры каля Гадзіннікавай вежы, якая да нашага прыходу распрадала амаль усе кнігі на беларускай мове. Кніжная крама ўдзельнічала ў акцыі Ірыны, як і пякарня Bred à Porter, якая пякла хлеб з тмінам па рэцепце актрысы Купалаўскага тэатру Зоі Белахвосцік.

Мы дзякуем ўсім удзельнікам маніфестацыі, усім неабыякавым да лесу палівязняў, усім, хто разам з намі патрабуе іх неадкладнага вызвалення. Салідарнасць – нашая моц!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *